Прайшлі дні факультэтаў, на кожным з якіх прысутнічалі іх выпускнікі і госці, а 26 мая быў дзень, у якім прысутнічалі ў асноўным госці, дэканы, загадчыкі кафедр, ды яшчэ тыя, каго павінны былі ўзнагародзіць граматамі, прэміямі ад імя самых розных арганізацый і кіраўнічых органаў. Паміж прысваеннем звання “Ганаровы доктар УА “ГДАУ” заставаўся перапынак на каву, падчас якога ўдзельнікі святочнай імпрэзы маглі пазнаёміцца з самай сучаснай тэхнікай, якую па такой нагодзе пазычылі ў СВК “Азёры”. Сам пабачыў яе толькі пад вечар, калі тэхніка ішла на пастаяннае месца дыслакацыі.
Падчас падрыхтоўкі папярэдняга матэрыялу заглянуў у музей, у якім аказалася група выпускнікоў першых выпускаў ГСГІ разам з загадчыкам музея Уладзімірам Паўлавічам Верхасем. Праз колькі хвілін вярнуўся і застаў там групу маладых людзей, якія прадставіліся – мы сям’я Крэмко. На вуліцы рэктар сустракаў гасцей. На скамейцы перад корпусам я сфатаграфаваў сямейства Гільманаў. А на ганку у гэты час падпалкоўнік памежных войск уручаў Вітольду Казіміравічу віншавальны адрас і абраз з выявай Каложы. Падыходзяць іншыя госці, але на жаль яны без бэйджыкаў і я не ўсіх ведаю асабіста. Хіба што Андрэя Майсяёнка, з якім шмат гадоў разам працавалі ў інстытуце біяхіміі НАН Беларусі. Вітольд Казіміравіч сустракае міністра адукацыі Сяргея Маскевіча, адразу ж прыязджае і губернатар вобласці Сямён Шапіра, рэктары ўніверсітэтаў імя Янкі Купалы і медыцынскага – Яўген Роўба і Віктар Сняжыцкі. Аляксанд Вайцяховіч і Пётр Каштэлян ледзь нясуць запакаваны ксеракс, а госці з Варшавы - абраз з намаляваным на ім будынкам адміністратыўнага корпусу.
У зале, упрыгожанай рознакаляровымі шарыкамі, большасць месцаў ужо занятая. Абыходжу рады крэслаў, каб зрабіць фотаздымкі гасцей, частку сустракаю знаёмых твараў. Як і ў папярэдні дзень студэнцкі хор выконвае песні. Затым пад гукі ваеннага аркестра студэнты ўносяць на сцэну сцяг універсітэта. Прысутныя сустракаюць яго ўставаннем. Гасцей вітае рэктар ГДАУ. Ён падводзіць вынікі пройдзенага за 60 гадоў шляху і гаворыць, што і ў будучым універсітэт будзе працягваць рыхтаваць міністраў і іх намеснікаў, старшынь розных упраўленняў і СВК…. Гучыць гімн універсітэта і прысутныя зноў устаюць са сваіх месцаў. На сцэне Сямён Барысавіч Шапіра са сваім намеснікам Іванам Алойзавічам Жуком. У прамове губернатар падцвярджае, што на уласным вопыце ведае, што ўніверсітэт рыхтуе сапраўдных спецыялістаў. Сам карыстаўся знаёмствам з рэктарам, каб набраць кадры ў сваю немалую гаспадарку, якую калісьці ўзначальваў. Сямён Шапіра ўзнагароджвае граматамі не толькі рэктара, але і Яраслава Васілюка, Канстанціна Каляду, Фёдара Лявонава, Вячаслава Зеня, Сяргея Тарасенку. Хачу адзначыць, што Вітоль Песціс нават не сядаў, ён стоя выслухваў віншаванні, час ад часу паднімаўся на сцэну за падарункамі. Не буду прыгадваць што і хто падараваў – гэта ў асноўным была камп’ютарная тэхніка, халадзільнік, мастацкія творы, грашовыя сродкі на ўмацаванне матэрыяльнай базы ўніверсітэта.
У сваім выступе міністр адукацыі Сяргей Маскевіч адзначыў высокія дасягненні нашых студэнтаў, у тым ліку, у конкурсах студэнцкіх навуковых прац, алімпіядах, у спорце. Акрамя рэктара граматы атрымліваюць Аляксандр Дудук, Аляксандр Свірыдаў, Любоў Мельнікава, Юрый Гарбуноў. Міністра адукацыі змяняе намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Канстанцінавіч Паўлоўскі, з якім мы вучыліся не толькі ў адной групе, але нават ў адной 4б падгрупе ў 1974-79 гадах. Ацэньваючы ўклад універа ў развіццё сельскай гаспадаркі, Васіль Канстанцінавіч адзначыў і сваю ролю ў развіцці ўніверсітэту, бо і яму не раз даводзілася галасаваць на карысць роднай Альма Матар. Ён нават нагадаў, што за апошнія гады на развіццё універсітэта міністэрствам было выдзелена больш 10 млрд рублёў. Васіль Паўлоўскі ў першую чаргу зачытаў вітальны ліст ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, а затым уручыў граматы рэктару і некалькім выкладчыкам. Далей на сцэне з’яўляюцца, віншуюць і ўручаюць падарункі дырэктар Гродзенскага лікёра-гарэлкавага завода Анатоль Бубен, старшыня СВК “Астрамечава”, старшыня папячыцельскага савета ГДАУ, старшыня, старшыня… ганаровы доктар ГДАУ Аляксей Скакун, начальнік аддзела адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксанд Сегоднік. Ён таксама ўручае граматы, у тым ліку і старшыні ўніверсітэцкай арганізацыі БРСМ Паўлу Язубцу. Але на гэтым пакуль спыняюся. Далей фотаздымкі да гэтай часткі … працяг будзе.