Семінар праходзіў у Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце два дні – 14 і 15 верасня 2011 года. Арганізатарамі яго з’яўляліся Міжнародная фінансавая карпарацыя (IFG), прадстаўніцтва CNFA, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, Камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама.
Удзельнікамі семінару сталі кіраўнікі і спецыялісты камітэта па сельскай гаспадарцы Гродзенскага аблвыканкама, ветэрынарныя інспектары вобласці, спецыялісты па якасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Трэнерам на гэтым семінары быў Джэфф Кронэнберг, спецыяліст па бяспецы харчовай прадукцыі універсітэта Айдахо (ЗША). Дарэчы, яго продкі паходзяць са Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Здаецца ўпершыню ў нашай 8 лекцыйнай зале была ўсталявана сістэма сінхроннага перакладу. Я там нейкі час прысутнічаў не планава, так і без слухавак добра чуў перакладчыка. На пачатку Джэфф Кронэнберг папрасіў, каб прадставіліся ўсе прысутныя. Было бачна, што на семінары задзейнічаны ветэрынарныя спецыялісты ўсіх нашых мясакамбінатаў і малочных заводаў, якія адказваюць за якасць выпускаемай прадукцыі.
Адкрыў семінар прадстаўнік Міжнароднай фінансавай карпарацыі ў Беларусі Дзмітрый Марозаў. Удзельнікаў на пачатку вітаў рэктар ГДАУ Вітольд Песціс, які ўручыў арганізатарам семінару сувеніры ад аграрнага ўніверсітэту. Падчас адкрыцця яго з прывітальнымі словамі выступілі дэкан факультэта ветэрынарнай медыцыны Віктар Малашка, загадчык аддзела ветэрынарыі камітэта па сельскай гаспадарцы Гродзенскага аблвыканкама – Мікалай Кот. Надзея Сінельнік, як кіраўнік Праграмы IFC “Бяспека харчовай прадукцыі ў Рэспубліцы Беларусь, коратка пазнаёміла прысутных з кансультатыўнай дапамогай IFC ў Беларусі ў сферы бяспекі на 2010-2013 гг. Праграма мае наступныя мэты:
- павысіць узровень азнаёмленасці харчовых прадпрыемстваў аб перавагах укаранення сістэм менеджмента бяспекі харчовых прадуктаў;
- рэалізаваць пілотныя праекты па ўкараненню сістэм менеджмента бяспекі харчовых прадуктаў у супрацоўніцтве з беларускімі экспертамі;
- гарманізаваць заканадаўства ў сферы харчовай бяспекі з нормамі, якія прынятыя ў міжнароднай практыцы.
Сістэма НАССР (ад англ. Hazard Analisis and Critical Control Points) – сістэма менеджмента бяспекі харчовых прадуктаў, якая аснаваная на аналізе небяспечных фактараў і крытычных кантрольных кропак. Гэта сістэма абавязковая для харчовых прадпрыемстваў у краінах Еўрапейскага звязу з 1 студзеня 2006 года. Выгады сістэмы НАССР для Беларусі прадбачацца ў павышэнні канкурэнтаздольнасці прадукцыі, выхадзе на міжнародныя рынкі, павышэнне даверу спажыўцоў, павышэнне інвестацыйнай прываблівасці.
IFG пачала сваю інвестацыйную дзейнасць у Беларусі ў 2004 годзе. І на сёняшні дзень на інвестацыйныя праекты ўжо асвоена больш за 300 мільёнаў даляраў. Да перапынку на каву выступіў яшчэ і сам і Джэфф Кронэнберг. Звычайны мікрабіёлаг, якім з’яўляюся я, не быў запрошаны на семінар. Але ведаю, што заняткі праходзілі вельмі цікава ад рання да самага вечару і ўяўлялі сабой не толькі лекцыі, але і практычныя заданні. Усе неабходныя матэрыялы навучэнцы атрымалі ў друкаваным і электронным выглядзе. Пасля праходжання тэсту ўсе ўдзельнікі семінару-трэнінгу атрымалі сертыфікаты аб тым, што прайшлі навучанне. Пачатак семінару глядзіце ў фотарэпартажы.
https://www.ggau.by/nowosti/420-seminar-trening#sigProIdedac5a6b8f
Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда