З 13 па 23 лістапада 2011 гада адбылася вучэбная паездка Азнаямленне з сістэмай аграрнай адукацыі ЗША для прадстаўнікоў сельскагаспадарчых устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь. Гэтая паездка была арганізаваная ў рамках супрацоўніцтва праграмы "Валанцёры ў аграбізнесе" Прадстаўніцтва CNFA у РБ з сельскагаспадарчымі ўстановамі адукацыі РБ, міжнароднай бізнэс праграмай "BRIDGES", Украіна, і пры падтрымцы Агенцтва ЗША па Міжнародным Развіцці (USAID).
У выніку конкурснага адбору ўдзельнікамі вучэбнай паездкі сталі сем прадстаўнікоў сельскагаспадарчых устаноў адукацыі РБ: Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Гарадзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны і Беларускага дзяржаўнага агратэхнічнага ўніверсітэта.
На працягу 10 дзён удзельнікі паездкі правялі шэраг сустрэч з кіраўніцтвам універсітэта штата Вісконсін і яго сельскагаспадарчага каледжа ў Плетвілле, азнаёміліся з арганізацыяй вучэбнага працэсу і навукова-даследчай працы ва ўніверсітэце. Удзельнікі паездкі таксама наведалі заняткі са студэнтамі і абгаварылі выкарыстоўваныя методыкі і праграмы навучання з прафесарамі ўніверсітэта. У іх таксама была магчымасць азнаёміцца з дзейнасцю аграрна-кансультацыйнага цэнтра пры ўніверсітэце.
Акрамя гэтага для ўдзельнікаў паездкі было арганізаванае наведванне даследчых цэнтраў, якія займаюцца пытаннямі малочнай і мясной жывёлагадоўлі. Гэтыя цэнтры з'яўляюцца падпадзяленнямі ўніверсітэта штата Вісконсін і займаюцца прыкладнымі навуковымі даследаваннямі. Удзельнікі паездкі таксама наведалі некалькіх малочна-таварных фермаў штата.
У згаданай паездцы ўдзельнічаў ад ГДАУ Аляксандр Міхайлавіч Тарас, намеснік дэкана біятэхналагічнага факультэта, які зрабіў цікавую прэзентацыю для членаў Вучонага савета універсітэта і астатніх выкладчыкаў, вольных ад заняткаў 30 лістапада 2011 года. На жаль сам я не змог патрапіць на тое паседжанне, бо якраз прымаў экзамен у студэнтаў завочнікаў агранамічнага факультэта. Каб данесці нейкі матэрыял да чытачоў нашага сайту давялося з Аляксандрам Міхайлавічам спаткацца асабіста, ад якога даведаўся, што ў рамках паездкі госці з Беларусі наведалі два ўніверсітэты штата Вісконсін, якія маюць у сваёй структуры аграрныя каледжы замест факультэтаў.
Сістэма адукацыі ў ЗША пабудаваная на крэдытах. Выпускнік атрымоўвае дыплом аб вышэйшай адукацыі пасля таго, як набярэ 120 крэдытаў. Кожная дысцыпліна ў залежнасці ад колькасці адведзеных на яе вывучэнне гадзін ацэньваецца ад 1 да 4 крэдытаў. Студэнты маюць права выбару дысцыплін, якія яны будуць праходзіць і колькі гэтых дысцыплін будзе ў тым ці іншым семестры. За семестр яны набіраюць да 15 крэдытаў, а ўсе 120 яны могуць набраць за 4, 3,5, а то і 3 гады. Кошт навучання 7 тысяч даляраў за год і таму, чым хутчэй закончыць універсітэт, тым менш трэба плаціць за вучобу. Навучанне усіх студэнтаў платнае і толькі 10-20% студэнтаў могуць атрымаць стыпендыю, калі выйграюць спартыўныя, навуковыя ці іншыя гранты камерцыйных кампаній ці ўрадавых устаноў.
Праверка наведвання заняткаў студэнтамі ў ЗША абавязковая і прагулы ўлічваюцца пры здачы экзаменаў. У тыдзень студэнты маюць 15 вучэбных гадзін, але ў астатні час не расслабляюцца, бо 1 гадзіна заняткаў патрабуе яшчэ 3 гадзіны самастойнай працы па выкананні рэфератаў і заданняў выкладчыкаў. Таму чытальныя залы і кампутарныя класы ніколі там не пустуюць. Каля 90% студэнтаў там яшчэ і працуюць, зарабляючы грошы на тэрыторыі студэнцкага гарадка дворнікамі, прыбіральшчыкамі, прадаўцамі ў буфетах і сталовых, жывёлаводамі на вучэбных фермах.
На прэстыжных аграрных спецыяльнасцях займаюцца ў асноўным дзеці фермераў. Але праходзіць практыку ў гаспадарцы сваіх бацькоў ім не дазваляецца. На тэрыторыі студэнцкіх гарадкоў немагчыма спаткаць студэнта, які паліць цыгарэты. Сярод студэнтаў курэнне не з’яўляецца модным. Большасць займаецца спортам: адны бегаюць па тэрыторыі гарадка, іншыя перамяшчаюцца на веласіпедах, але не на машынах. Ва ўніверсітэтах працуе шмат студэнцкіх клубаў розных накірункаў (“Клуб аматараў ветэрынарнай медыцыны”, “Клуб эканомікі сельскай гаспадаркі”, “Клуб глебазнаўства” …). Праводзяць таксама выступы, алімпіяды (напрыклад, “Чэмпіянат ЗША па глебазнаўству”), асветніцкія мерапрыемствы сярод школьнікаў, благачынныя вечарыны, на якіх збіраюць сродкі на сваю дзейнасць. Кожны клуб мае поўны набор сваёй атрыбутыкі.
У ЗША на сённяшні дзень вялікі попыт на аграрныя спецыяльнасці, таму колькасць студэнтаў, якія іх атрымліваюць з году ў год павялічваецца, у той час як на эканамічныя, бухгалтарскія зніжаецца ў сувязі з сусветным крызісам. Рынак вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў Амерыцы зараз на ўздыме, што дае магчымасць спецыялістам з аграрнай адукацыяй хутчэй найсці працу. І яшчэ адно. Усе студэнты бачаць сябе спецыялістамі па той спецыяльнасці, па якой вучацца. Ніхто не стане плаціць грошы з уласнай кішэні радзі таго, каб проста атрымаць вышэйшую адукацыю. Аляксандр Міхайлавіч плануе падаць вялікі артыкул пра сваю паездку ва ўніверсітэцкую газету “UniАгро”. Для сайта ён прадставіў фотаздымкі са сваёй пабыўкі ў ЗША.
https://www.ggau.by/nowosti/814-alyaksand-taras-padzyalisya-razhannyami-ab-stazhyrotsy-u-zsha#sigProIdaf25872a17
Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда