26 лістапада ў Гродна з Мінску пазнаёміцца з нашым музеем пчалярства, які працуе ў корпусе факультэта ветэрынарнай медыцыны прыехалі школьнікі адной з мінскіх школ разам са сваёй настаўніцай хіміі.
Музей яшчэ не адчынены афіцыйна, але неяк аднойчы давялося патрапіць на заняткі па хваробам пчол, якія ў музеі праводзіў старшы выкладчык Аляксей Міхайлавіч Ламан для студэнтаў 4 курса факультэта ветэрынарнай медыцыны. Туды ж часам заходзяць дэлегацыі, якія наведваюцца ў наш універсітэт. Летам выпадкова спаткаў некалькі пчаляроў, якія прыязджалі з г. Пшчына (Горны Шлёнзк, Польшча). Заўважаю, што пакрыху наш музей папаўняецца ўсё новымі экспанатамі. На невялікай пасецы, што знаходзіцца на ўнутраным дворыку будынкаў ветэрынарнага факультэта, сабрана калекцыя вулляў розных канструкцый, у тым ліку і новыя вуллі, запатэнтаваныя вядучым пчаляром універсітэта Мікалаем Халько. Усяго ж за апошні час нашымі супрацоўнікамі цэнтра навуковага пчалярства атрымана больш за 30 патэнтаў. Вялікай падзеяй у гэтым годзе было засяленне ў пачатку лета пчалінай сям’і ў шкляны вулей, якое трансліравалася онлайн праз універсітэцкі сайт.
На гэты раз з Мінску прыехалі школьнікі класа з хімічным ухілам са школы № 15, яўныя фанаты пчалярства. На нейкі час Мікалай Віктаравіч пакінуў гасцей, каб падаць на сняданак гарбату, печыва, абаранкі і розныя гатункі мёду, бо былі яны ў музеі з 7 гадзін раніцы. Мікалаю Віктаравічу дапамаглі ўправіцца Анжэліка Шчапяткова і Анастасія Кукса. Я расказаў гасцям пра Зоську Верас, якая ў 30 гадах выдавала часопіс “Беларуская Борць”, а таксама пра тое, дзе знаходзяцца вельмі каштоўныя матэрыялы па пчалярству, якімі Людвіка Антонаўна пры жыцці дала пакарыстацца аднаму з беларускіх пчаляроў, што абяцаў адчыніць музей на Палессі. Музей так і не з’явіўся там, але, магчыма, дзякуючы гэтай недарэчнасці, матэрыялы не згінулі ў агні пры пажары ў Лясной хатцы ў 1990 годзе. Уражанняў ад экскурсіі па музеі і ад таго, што школьнікам расказваў Мікалай Віктаравіч было шмат. Нехта нават з гасцей прапанаваў ахвяраваць для музею старую кніжку пра пчолаў па-польску, якая захоўваецца ў бабулі.
На развітанне госці пакінулі аўтограф: “Благодарим всех за такой теплый прием! Мы Вас никогда не забудем! Оставайтесь такими же позитивными, классными, неповторимыми, единственными. Мы узнали много очень интересного о жизни пчел. Желаем здоровья, терпенья, сил, понимающих людей рядом. P.S. Открывайте скорее химическую лабораторию по определению качества мёда, мы обязательно вернемся».
https://www.ggau.by/nowosti/787-ekskursiya-minskikh-shkolnika-u-muzej-navukovaga-pchalyarstva#sigProId44e7454e8e
Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда