Паколькі частка выступоўцаў-аграномаў да гэтага часу ўжо атрымала дыпломы і раз’ехалася на месцы свайго размеркавання, дзве запланаваныя агранамічныя секцыі былі аб’яднаны ў адну і выступалі ў асноўным студэнты 2 і 3-га курсаў, а секцыя аховы раслін працавала ў запланаваным рэжыме.
Напярэдадні на маскоўскім цягніку прыехалі госці канферэнцыі – студэнты з Омскага дзяржаўнага аграрнага універсітэта. Броднікава Алёна і Цінт Іна нават не здагадваліся, што акрамя іх на канферэнцыю ў адным вагоне ехаў студэнт таго ж самага ўніверсітэта Бахман Васіль. Я быў бы не я, калі б не падышоў да цягніку сустрэць гасцей разам з нашымі студэнткамі, якіх накіраваў для сустрэчы кіраўнік студэнцкага прафкаму Сяргей Чухноў. Разам мы заглянулі ў навуковы аддзел, пасля чаго з гасцямі і асноўным арганізатарам канферэнцыі Валянцінам Пешко адвялі гасцей у інтэрнат. Дамовіліся, што пасля двухгадзіннага перапынку студэнткі з гасцямі заглянуць у ветэрынарны корпус, адкуль мы ўжо разам пойдзем на экскурсію. Я ж гэты час выкарыстаў, каб дапамагчы аспірантцы нашай кафедры зрабіць пасевы малака розных груп кароў для ўліку мікрафлоры. Але і госці, і нашы студэнткі зусім забылі , што трэба заходзіць па “экскурсавода”. Нягледзячы ні на што і экскурсія і горад гасцям спадабаліся. Нешта з яго гісторыі я распавёў ім пазней. Адчувалася, што далёка не ўсё нашы дзяўчынкі маглі гасцям паказаць і расказаць. Я прапанаваў ім, калі даедуць дахаты, паглядзець мае альбомы Гродна на сайце “Укантакце”. У панядзелак з ранку атрымаў паведамленне ад Алёны Броднікавай, якая першай дабралася да Омску: “Дааа, у вас замечательные фотографии, как и ваш город. Стало понятно, что мы видели далеко не весь Гродно (((“.
Васіль Бахман правёў сваіх дзяўчат на цягнік і застаўся яшчэ да ранку, каб на цягніку даехаць да Мінску і пазнаёміцца за дзень са сталіцай Беларусі. Там на вакзале мы яшчэ раз пабачыліся. Магчыма, вечарам ён планаваў схадзіць на дыскатэку ў стоп-лайн, куды тыя, хто наведаў КВН каманд нашага ўніверсітэту 1 красавіка вечарам, былі запрошаны па ўваходных білетах. Я нават пашкадаваў, што на гэты раз, ідучы на мерапрыемства, не скарыстаўся запрашальным квітком, а прайшоў без яго… Васілю настолькі спадабаўся горад, нягледзячы на тое, што 2 красавіка было ніякае, з дажджом і ветрам, надвор’е, што ён адразу ж запланаваў прыехаць на нашу канферэнцыю і ў наступным годзе. Паглядзім што будзе ў наступным, але ў гэты раз госці атрымалі не толькі сертыфікаты, але і першыя месцы за выступленні. Яны, як студэнты выпускнога курса, глядзеліся больш упэўнена за нашых друга- і трэцякурснікаў. Але ж тыя месцы павінны былі дастацца нашым студэнтам, бо якраз па месцах ідзе пасля грашовае прэміраванне студэнтаў-пераможцаў пры атрыманні стыпендый. Таму, у гэтым матэрыяле я зараз не магу прадставіць і спіс нашых студэнтаў, якія атрымалі дыпломы… хаця памылка ўсё ж будзе выпраўлена і студэнты атрымаюць грашовыя ўзнагароды.
Хацелася б сказаць, што на гэты раз даклады студэнтамі рабіліся вельмі аператыўна. Чамусьці пытанняў больш задавалася выкладчыкамі, чым студэнтамі. Госці расказалі пра свае даследаванні камбінацый тарфяна-перагнойных таблетак, якія выкарыстоўваюцца для астраў і бархатцаў. Ад таго, як яны развіваюцца, залежыць азеляненне такога буйнога прамысловага горада, як Омск. Васіль Бахман прысвяціў свой даклад інтрадукцыі розных форм хеномелеса японскага ва ўмовах лесастэпу Омскай вобласці. Наколькі я зразумеў, у сябе на дачы гэту расліну мы называем – айва японская. Ён даў паспрабаваць варэнне з яе, а таксама наліўку. Я для сябе зрабіў выснову, што спірт для наліўкі яны там выкарысоўваюць няякасны, бо той, з якога робяць мінскую ці брэсцкую гарэлку не дае такога прысмаку.
Матэрыялы дакладаў нашых студэнтаў выйшлі да пачатку канферэнцыі ў I томе “Матэрыялаў XI міжнароднай студэнцкай навуковай канферэнцыі”. Будзем чакаць наступных канферэнцый, якія адбудуцца ў канцы красавіка і ў траўні месяцы. Ніжэй фотарэпартаж - частку фотаздымкаў зрабіла Насця Халько.