Пачатак яе назначаны быў на 12 гадзін дня. Зранку я хацеў яшчэ закупіць ванну ды цёплую падлогу для новай кватэры і вярнуцца. З жалем паглядзеў на гадзіннік і зразумеў, што не паспею. І раптам тэлефон зазваніў. Выпускнік нашага ЗІФа 1983 года Лёнік Гівойна цікавіўся ці іду на дыктоўку. Куды ж, - гавару, засталося 18 хвілін. Другі званок і Лёня папярэдзіў, што ўжо едзе за мной. І сапраўды – паспелі. У першым радзе сядзела яго жонка Марына з дачкою Мартай і з Лёнявым ўнукам Алегам, які нарадзіўся ў Стакгольме і прыехаў пагасціць да дзеда. Вельмі дзіўна, бо Марына ўкраінка, якая закончыла Кіеўскі тэхналагічны універсітэт, але на ўсе дыктоўкі ходзіць...
Зала была перапоўненая, апошнім, каб было на чым пісаць выдаваліся звычайныя папкі. І ўсё ж я адшукаў вольнае месца. Побач сядзеў выпускнік ЗІФа з нашага аграрнага, толькі ўжо 2006 года. Здаецца, толькі дзякуючы гэтым дыктоўкам мы з ім і бачымся час ад часу. Тут жа побач і жонка прафесара медуніверсітэта, майго аднагодкі, Алеся Астроўскага з трымя маленькімі дзеткамі, якія яшчэ пакуль у школу не ходзяць і дыктоўку самастойна не пішуць. Але ў будучым пісаць будуць, бо бацькі ім дадуць нармальную беларускамоўную адукацыю, нягледзячы на тое, што гэта амаль немагчыма ў нашай краіне... Як той школьнік, радуюся, што ў такой цеснаце ёсць магчымасць падгледзець, чым і карыстаюся. Бо пасля дыктоўкі па творы Ф.Багушэвіча, як глянуў колькі дапусціў памылак, дыктоўку па М.Багдановічу, што чытала тэлевядучая Зінаіда Бандарэнка прапусціў... Таксама побач аказаўся і студэнт з ФВМ, якога, нягледзячы на тое, што ён далучыўся да маіх сяброў Ўкантакце, не ведаю, як клікаць. І зараз, калі ўжо ведаю, лічу што лепш не называць яго. З БТФ бачыў брата Аляксея Патапенкі, які калі бы быў у Гродна, абавязкова аказаўся бs на дыктоўцы. Пазней даведаўся, што быў і былы выклачык фізікі ГДАУ Міхась Амелішка. Вакол было столькі добрых, разумных твараў гарадзенскай моладзі, якая не адраклася роднай мовы, а прыйшла, каб засведчыць сваю павагу да яе.
Сама дыктоўка – гэта невялікі твор Алеся Карпюка пра тое, як ў Старым корпусе сельгасінстытута пры панскай Польшчы змяшчалася гімназія імя Адама Міцкевіча, у якой працаваў выкладчыкам біёлаг Ян Каханоўскі, які на тэрыторыі парку вырошчваў тысячы розных раслін, прывезеных нават з Паўднёвай Амерыкі і Тыбету. Для гэтых экзатычных раслін была пабудавана спецыяльная аранжарэя. І вось аднекуль яму напісалі, што знайшлі параненага бабра. З таго бабра ў двары старога корпуса ГДАУ і распачалася калекцыя звяроў, якая пазней вырасла ў сапраўдны заапарк. Зараз думаю, а ці ёсць у сучасным аграрным універсітэце такія постаці, пасля якіх застанецца памяць, як пра Каханоўскага. Хацелася бы думаць, што ёсць, ці будуць.
Дыктоўка завершана, Віктар Шалкевіч, які ў гэтым годзе яе зачытваў, прэзентуе сваю кнігу “Рэквіем па старых рэчах”. Другі Карпюк, падумаў я, той таксама збіраў падобныя плёткі. Але, слухаецца з цікавасцю. Затым Віктар спявае некалькі сваіх песен, вядомых мне і невядомых. Прысутныя частуюцца кавай, гарбатай, тартамі, размаўляюць паміж сабой, бо не заўсёды надаецца такая магчымасць спаткацца старым і маладым патрыётам, якіх паклікала сюды любоў да роднай мовы. Нехта прапануе мне набрацца цярпення і дапрацаваць кнігу, якую можна было бы выдаць у той жа серыі, у якой выйшла кніга Віктара Шалкевіча... Адгортваю яго кнігу і бачу, што нас чакае наперадзе кніга былога галоўнага інжынера рачнога порта Аркадзя Жукоўскага, які, пакуль знаходзіцца на пенсіі, напісаў ужо некальні гістарычных раманаў. Разыходзіліся ўсе ў цудоўным настроі. Зараз цяжка нават сабе ўявіць, што і я мог у гэты раз не патрапіць на беларускую дыктоўку. Шкада толькі, што фотаапарату з сабой не было, а тыя хто кляўся, што падзеліцца сваімі, так і не адшукалі для гэтага часу.
Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда