Іванкіна Валянціна Міхайлаўна

Іванкіна Валянціна Міхайлаўна

У мяне было крыху вольнага часу і я зайшоў у гербарную кафедры батанікі і фізіялогіі раслін, дзе да гэтага часу працуе Валянціна Міхайлаўна Іванкіна – пенсіянерка, выпускніца нашай Альма Матэр. Адбылася невялікая размова, з якой паўстала гэтая інфармацыя.  Бацька яе быў ваенным і сям’я пераязджала з месца на месца: то Калінінградская вобласць, то Каўказ, але 10 класаў закончыла ўжо ў Гродна ў 1954 годзе. Тады ж і паступіла ў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. На агранамічны факультэт набор тады складаў 4 групы студэнтаў, пражывала ў бацькоў.

На пытанне якія ж былі самыя запамінальныя выкладчыкі Валянціна Міхайлаўна ўзгадвае прозвішчы: загадчыка кафедры фізіялогіі раслін Кумакова Вадзіма Андрэевіча, якога проста выжылі з інстытута, пасля чаго ён пераехаў у Саратаў, абараніў доктарскую працу і стаў вядучым фізіёлагам Савецкага Саюза, Севярцава Мацвея Сцяпанавіча, які працаваў на кафедры земляробства а затым быў дэканам агранамічнага факультэта, Рымшы Пранаса Іонавіча – хіміка, якога і я добра памятаю, бо ў мяне ён вёў заняткі таксама, Вінаградавай Ніны Васілеўны – батаніка, Кандрацьевай, якая выкладала селекцыю... Вучылася стараннна і таму дыплом атрымала з адзнакай. Закончыла інстытут у 1960 годзе, бо па стану здароўя была вымушана на год узяць акадэмічны адпачынак. Пад час вучобы ўдзельнічала ў працы драматычнага гуртка, які вёў рэжысёр з драмтэатру. Рэпетыцыі працягваліся да двух гадзін ночы, бо яны не павінны былі перашкаджаць працы. Прыгадваецца, што чытала вершы, выконвала ролю нейкага хлопца ў адной з пастановак. Часам выступалі на сцэне летняга тэатру, у вайсковай частцы... Недзе тады, калі была студэнткай трэцяга курса, ездзіла з групай студэнтаў ад Гродна  на VI Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў у Маскве, які адкрыўся 28 ліпеня 1957 года. На закрыцці фестывалю ўпершыню ў выкананні Уладзіміра Трошына і Эдзіты П’ехі прагучала песня “Подмосковные вечера”, якая на доўгія гады стала візітнай карткай СССР.  Пад кіраўніцтвам Кандрацьевай выконвала дыпломную працу па селекцыі, здаецца вопытнае поле было недзе побач з горадам. Вытворчую практыку Валянціна праходзіла на вопытнай станцыі ў 37 км ад Калінінграду.

На працу была накіравана на Шчучынскую вопытную станцыю, дзе месца селекцыянера нехта ўжо заняў і Валянціна трапіла працаваць у глебавы атрад. Яны даследавалі глебы Гродзенскай вобласці – рабочыя капалі разрэзы, а яна, як інжынер,  рабіла іх апісанне. Праз які год уладкавалася працаваць лабарантам на кафедру батанікі ГСГІ. Яе далейшы жыццёвы шлях вёў у аспірантуру пры Інстытуце эксперыментальнай батанікі АН БССР. Займалася вывучэннем відаў асакі, якія растуць на тэрыторыі рэспублікі. Вывучалі расліннасць Палесся - плавалі на цеплаходзе, спыняліся і рабілі апісанне расліннага свету аж да самога Чарнобылю. Было гэта задоўга да аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Але на абарону кандыдацкай дысертацыі не рашылася. Вярнулася ў Гродна. Спачатку працавала ў лабараторыі кармоў, затым ў Зелянгасе займалася аналізамі глебы. Алена Браніславаўна Карпач запрасіла ў родны інстытут і яна стала працававаць асістэнтам на кафедры батанікі. Пайшла, як належыць на пенсію, ды праз нейкі час яе на працу вярнуў тагачасны  загадчык кафедры батанікі і фізіялогіі раслін Сяргей Анатолевіч Тарасенка, каб яна дапамагла аформіць гербарыі, па якіх праходзяць навучанне студэнты. Зараз Валянціна Міхайлаўна працуе на пасадзе лабаранта, хаця Сяргей Анатолевіч, які зараз працуе прарэктарам на навуковай працы, заўсёды падкрэслівае, што яна навуковы супрацоўнік кафедры. Займалася даследаваннем зёлкавай расліннаці лясоў у раёне Сапоцкіна, дае кансультацыі па раслінах для ўсіх, хто звяртаецца. А звяртаюцца да яе часцей, чым на кафедру батанікі ГрДУ імя Я.Купалы. Нават міліцыю даводзіцца кансультаваць наконт утрымання ў асобных раслінах алкалоідаў і наркатычных рэчываў. Часта выступала па тэлебачанні, расказваючы пра небяспечнасць для нашых тэрыторый такой культуры,  як Баршчавік Сасноўскага. Яна адзін з сааўтараў артыкулу ў кнізе пра Аўгустоўскі канал, якую нашы вучоныя выдалі сумесна з польскімі. Валянціна Міхайлаўна перажывае за стан нашага дэндрарыю, які быў пасаджаны яшчэ ў 60-х гадох ХХ стагоддзя і мае разнастайныя расліны. Яго трэба зберагаць, а то асобныя экзэмляры ўжо зніклі за апошнія гады. Ды і касіць травяністую расліннасць так як гэта робіцца зараз, пад самы корань, нельга. Раней жа на тэрыторыі дэндрарыю студэнты бралі расліны для гербарыяў. Зараз іх стала менш. Для вызначэння відаў раслін Валянціне Міхайлаўне даводзіцца карыстацца не толькі вызначальнікам раслін і сваім багатым вопытам, але і бінакулярным мікраскопам. Яна марыць набыць мікраскоп з большым павелічэннем, чым маецца і, думаю, Сяргей Анатолевіч ёй у гэтым дапаможа. У планах - абнаўленне гербарных стэндаў, якія яна зрабіла некалькі гадоў назад. Такая вось біяграфія аказалася ў выпускніцы ГСГІ.

Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда

Наш адрес

Русский Беларускі English Español Türkmen dili 格罗德诺国立农业大学
  • Республика Беларусь
    230008 г. Гродно ул.Терешковой, 28
  • Тел./Факс: +375 (152) 62-36-30
  • ggau@ggau.by
Мы используем cookies
Сайт использует файлы cookies. Оставаясь на этом сайте, вы соглашаетесь с условиями использования файлов cookies.