З размоў з нашымі выпускнікамі раблю выснову, што шмат хто з іх любіць падарожнічаць і трапляць у экстрэмальныя сітуацыі. Не паспеў расказаць завочнікам, як адзін наш выпускнік праехаў аўтастопам па Каўказу, пасля па краінах Сярэдняй Азіі і ўжо паспеў скокнуць з Румлёўскага маста, як ў першыя ж выхадныя ўсе мае завочныя дыпломнікі паўтарылі яго ўчынак, ды яшчэ зазнялі на камеру свае палёты. Віталь Бялоцкі закончыў зоаінжынерны факультэт ГДАУ у 2007 годзе. Памятаю, як ён планаваў адкрыць сваю аграсядзібу, але адпрацаваў адзін год па спецыяльнасці, адслужыў год у войску і зараз уладкаваўся працаваць на ААТ “Малочны Мір”. Планаваў пад час адпачынку павандраваць па Байкалу і планы свае здзейсніў.
Разам з Аляксандрам Маліноўскім Віталь адправіўся ў далёкую вандроўку не аўтастопам а цягніком Мінск-Іркуцк. Там на месцы селі ў першую ж падвярнуўшуюся маршрутку і паехалі да Улан-Удэ, які знаходзіцца за 700 км ад Іркуцку і дзе знаходзіцца буддыйскі храм – Івалгінскі Дацан, у якім захоўваюцца мошчы нятленнага Далай Ламы. Віталь расказвае, што нягледзячы на прайшоўшыя пасля яго смерці два з паловай стагоддзі, тэмпература цела захоўваецца. Аб гэтым яны ўжо мелі інфармацыю з інтарнэту і таму вырашылі пабываць у месцы і паглядзець на храм, пасля якога накіраваліся ў горад Слюдзянка, які ад Улан-Удэ ляжыць на адлегласці 500 км у бок Іркуцку. Там іх цікавіла ўзыходжанне на найвышэйшую вяршыню Байкальскага хрыбта, якая носіць імя нашага земляка Івана Чэрскага, які ў 1845 годзе нарадзіўся ў фальварку Смольна Верхнядзвінскага раёна. У 1860-1863 годзе ён атрымоўваў адукацыю ў Віленскім дваранскім інстытуце, але за ўдзел у паўстанні 1863-1864 гадоў супраць царскага самадзяржаўя быў выключаны з 4 курса, пазбаўлены дваранскага звання і высланы ў бестэрміновую ссылку ў Сібір.Памяць аб ім, як чалавеку, які пакінуў свой след у галінах геалогіі, геаграфіі, заалогіі, анатоміі, археалогіі, метэаралогіі, батаніцы, этнаграфіі і іншых захавалася ў розных помніках і назвах па ўсёй Сібіры, якую як і ён асвойвалі і іншыя беларусы, высланыя ў розны час у Сібір.
Хлопцы 4 дні ўзбіраліся на пік Чэрскага, па дарозе купаліся ў возеры з назвай Сэрца, якое сапраўды па форме нагадвае сэрца. Начавалі ў намётах. Наведалі метэаралагічную станцыю Хамар Дабан, якая знаходзіцца ў падножжа Байкальскага хрыбта. У гарах спаткаліся з экспедыцыяй інстытута Мендаля з Чэхіі, у якой удзельнічалі студэнты з розных краін Еўропы. І нашы вандроўнікі, і замежныя наведалі востраў Альхон на Байкале, які з’яўляецца цэнтрам шаманства Бураціі. У самой Слюдзянцы наведалі музей мінералаў, у якім сабрана багатая калекцыя з 10 000 гэтых камянёў з усяго свету, а таксама ёсць і метэарыт. Зноў маршруткай дабраліся да Іркуцка, а праз 4 дні былі ўжо дома. На ўсё падарожжа пайшло 16 дзён. Асобныя фотаздымкі прадстаўлены тут.
Матэрыял падрыхтаваны дацэнтам кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалаем Таранда