які быў прысвечаны праблемам экатурызму ў раёне Аўгустоўскага канала “Kanał Augustowski i wspόłczesna ekoturystyka : Августовский Канал и современный экотуризм” - такую назву мае кніга, выдадзеная ў межах супольнага беларуска-польскага праекту. У выхадных дадзеных пазначаны Пултузк - Мінск - Гродна 2008. 1 красавіка ў канферэнцзале Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага універсітэта адбылася двухбаковая сустрэча ўдзельнікаў праекту, якую яшчэ пакуль нельга назваць прэзентацыяй выдання, бо яна адбудзецца ў сярэдзіне мая ці ў нават у чэрвені з удзелам прадстаўнікоў польскага консульства ў Гродна. Першая прэзентацыя кнігі прызначана на 10 красавіка ў БДУ, паколькі з галоўнага універсітэта краіны навуковы рэдактар ад беларускага боку прафесар Анатоль Зелянкоў, а таксама некалькі аўтараў артыкулаў. Практычна кніга аказалася трохмоўная, і лічу памылкай нашага боку, што побач з польскамоўнай назвай адсутнічае беларускамоўная. Паколькі проста ці ўскосна сам з’яўляюся ўдзельнікам двух-трохбаковых экалагічных сустрэч у папярэднія гады, ведаю адносіны Польшы і Украіны ды і нашага боку да моў, якія павінны быць працоўнымі. Я ўжо пісаў, што калі будзе падтрыманы Еўрасаюзам чарговы пяцігадовы праект, то вырашана, што ў першую чаргу патрэбна будзе выданне польска-беларуска-украінскага слоўніка.
Ад нашага універсітэта ў сустрэчы ўдзельнічалі аўтары артыкулаў, змешчаных у кнізе - прарэктар ГДАУ па навуцы Сяргей Тарасенка, якому належыць, думаю, галоўная роля ва ўсім гэтым праекце, дэкан зоаінжынернага факультэта Яўген Добрук, які больш за іншых мае працяглы вопыт супрацоўніцтва з польскімі навукоўцамі, загадчыца кафедры батанікі і фізіялогіі раслін Алена Карпач, навуковы супрацоўнік гэтай кафедры Валянціна Іванкіна, якая з’яўляецца галоўным спецыялістам у веданні ўсіх раслін нашага рэгіёну. Былі тут прадстаўнікі і нашых эканамічных спецыяльнасцей - Яўген Аўчыннікаў, загадчык кафедры матэматыкі, Уладзімір Высакаморны, загадчык кафедры эканомікі, Галіна Андрэйчык, кандыдат эканамічных навук. Уладзімір Барысаў, як адказны за сувязі з Польшчай, а таксама за афармленне польскіх візаў, на сустрэчы быў яшчэ і за перакладчыка, паколькі не ўсе мы гаворым па-польску, а польскія вучоныя не ўсё могуць зразумець па-руску. Я ж быў на сустрэчы і як удзельнік, і як самадзейны карэспандэнт. І толькі пасля зразумеў, што мы забылі запрасіць на абмеркаванне праблем Аўгустоўскага канала загадчыцу кафедры грамадскіх навук Любоў Мельнікаву, подпіс якой стаіць пад дамовамі паміж ГДАУ і Акадэміяй гуманістычнай імя Аляксандра Гейштара з Пултузка. І яна таксама прымала ўдзел у папярэдніх сустрэчах, у арганізацыі першай практыкі польскіх студэнтаў на Беларусі ў мінулым годзе. Ад польскага боку на сустрэчы прысутнічалі прафесар Stryźewski Bogdan, доктар Balcerak Marek, а таксама дырэктар доследнай гаспадаркі “Źelaźna” Варшаўскага аграрнага універсітэта (SGGW) Czerniak Zygmund. Прозвішчы польскіх калег падаю ў польскім правапісе для таго, каб яны маглі лягчэй адшукаць гэты матэрыял з польскіх пошукавых сайтаў.
Аб чым жа гаварылася на сустрэчы? Аб тым, што завершаны першы этап мяккай стратэгіі і наступае этап цвёрдай стратэгіі, які, магчыма, будзе добра фінансавацца Еўрасаюзам, у тым ліку і, магчыма, рознае будаўніцтва аб’ектаў у раёне Аўгустоўскага канала. На дадзеным этапе асноўныя будаўнічыя працы па аднаўленні канала беларускім бокам завершаны, магчыма, нават лепш, чым польскім, дзе працягласць канала амаль у чатыры разы большая. Але на беларускай тэрыторыі поўнасцю адсутнічае інфраструктура і той пяцізоркавы гатэль, які плануецца збудаваць у 2008 годзе, гэта не той аб’ект, які патрэбны каналу. Нікому з замежнікаў ён не патрэбны, бо яны марылі б спыніцца ў звычайных мясцовых сялянскіх сядзібах. Дзіўна, але з 36 сядзіб агратурыстычнага накірунку Гродзенскай вобласці ў зоне Аўгустоўскага канала не аказалася ніводнай. Іншая справа - сцяжынка па былых дзотах, яна можа мець вялікую цікавасць. З нашага боку былі прапановы арганізаваць у зоне канала калекцыі зёлкавых раслін, насякомых, пчалапасеку і іншыя аб’екты, якія маглі б прывабліваць турыстаў з Еўропы. Але, пакуль што складаная сістэма афармлення і рэгістрацыі замежных вандроўнікаў перашкаджае іх наведванню зоны Аўгустоўскага канала. Прыгадваецца прыезд летам да нас групы польскіх студэнтаў на практыку. Амаль два дні насіліся з фатаграфаваннем, затым абменам пашпартоў на нейкія замяняльныя іх паперкі, а перад ад’ездам трэба было зноў абменьваць іх на свае ж пашпарты.
Ішла размова і аб тым, каб нашы навукоўцы маглі праводзіць свае даследаванні флоры і фаўны ў зоне канала на польскай тэрыторыі. Мы з Аленай Браніславаўнай Карпач выказаліся, што пры ГДАУ патрэбна стварэнне хаця б групы студэнтаў, якія маглі б стаць у будучым спецыялістамі агра- і экатурызму. Яўген Добрук паведаміў, што прапаноўваў адміністрацыі універсітэта адкрыццё такой спецыяльнасці яшчэ пяць гадоў назад, а калі і адкрываць яе, то трэба пры тэхналагічным факультэце і рыхтаваць спецыялістаў паралельна інжынерам-тэхнолагам перапрацоўкі мясной прадукцыі. Марэк Бальцэрак праінфармаваў, што звычайна такіх спецыялістаў у свеце рыхтуюць аграрныя ВНУ, прычым спецыяльнасць павінна набывацца на эканамічным факультэце і спецыялісты называцца менеджарамі агратурызму. Тут жа яго падтрымалі нашы выкладчыкі эканамічнага факультэта, а Сяргей Анатольевіч Тарасенка паабяцаў узняць гэта пытанне на адным з бліжэйшых рэктаратаў. Да таго ж Марэк дапоўніў, што універсітэт Івана Франко са Львова заключыў з Акадэміяй гуманістычнай з Пултузка дамову аб тым, што на платнай аснове ўкраінскія студэнты будуць набываць такую спецыяльнасць у Пултузку. А кіўнуўшы ў мой бок, ён паведаміў, што пасля доўгіх спрэчак у трохбаковы праект “Зялёныя Лёгкія Еўропы”, над якім мы разам працавалі, замест чатырох абласцей, Беларусь уключана цалкам, у той час, як ад Украіны засталіся толькі дзве вобласці. Ён так і сказаў, што прызналі, што Лёгкімі Еўропы з’яўляецца якраз уся Беларусь. Прыемна, што мой удзел у семінары ў Віграх і падрымка ўсёй нашай каманды, ў якой прымалі ўдзел студэнты нашага універсітэта, далі свой плён. Шкада толькі, што 50 кніжак шасцімоўнага выдання “Песні пра зубра”, якія належалі нам, як партнёрам праекту, мы не паспелі правезці на тэрыторыю Беларусі і яны расплыліся па Польшчы. Як я ўжо пісаў, у нашай бібліятэцы і на кафедры грамадскіх навук ёсць некалькі такіх выданняў. Кнігу ж, якая абмяркоўвалася сёння, нашы польскія сябры прывезлі ў вялікай колькасці. Гавораць, для гэтага трэба было назваць толькі адно прозвішча - прозвішча рэктара ГДАУ, каб іх прапусцілі на мяжы. Далей некалькі фотаздымкаў з канферэнцзалы.