Аркадзь Красноўскі аказаўся не толькі зямляком прарэктара па навуцы ГДАУ Сяргея Анатолевіча Тарасенкі з Іўя, але яшчэ і разам з ім закончыў агранамічны факультэт ГСГІ ў 1976 годзе. Жонка яго Таццяна (дзявочае прозвішча Кароль) закончыла факультэт аховы раслін. Разам яны выхоўвалі ў Гродна двух сыноў. Але пасля Чарнобыльскай аварыі і ў яе і ў сыноў пачаліся праблемы са шчытавідкай. У той час штогод вялікая колькасць яўрэйскага насельніцтва Беларусі эмігравала ў Ізраіль і іншыя краіны свету, пакідаючы назаўсёды сваю другую радзіму. Бо шмат стагоддзяў яўрэі жылі побач з беларусамі на іх тэрыторыі пасля вялікага перасялення з Захаду і Паднёвага Захаду. Заходнікі прынеслі з сабою нямецкія прозвішчы, а вось тыя, што прыйшлі з паўднёва-заходняга накірунку, набылі беларускія (Абрамовіч, Арабіновіч, Красноўскі і т.п.). На тэрыторыі Расіі пасяляцца яўрэі не маглі ў сувязі з адпаведнымі забаронамі і таму мяжа аседласці іх адпавядала ўсходняй мяжы Беларусі (Вялікага Княства Літоўскага), якая пралягала за Смаленскам ды за Бранскам.
Жылі яны ў асноўным у гарадах і мястэчках Беларусі, дзе складалі большую палову насельніцтва. Нядаўна я даведаўся, што на пачатку XIX стагоддзя яўрэі ў Гродна складалі 85 % ад усіх жыхароў горада. У канцы XIX стагоддзя іх доля зменшылася, але складала яшчэ больш 50 %. Недзе пачынаючы з 1935 года пасля смерці Ю.Пілсудскага пачаліся сутычкі паміж яўрэйскім і польскім насельніцтвам Гродна. Адбываліся яўрэйскія пагромы, іх проста збівалі, у адказ на вуліцы Купечаскай (зараз К.Маркса) яўрэі аблівалі палякаў кіпятком з вокнаў другога паверха. Лёс асноўнай часткі яўрэйскага насельніцтва Гродна быў вырашаны немцамі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Немцы трымалі іх у гета, а затым больш за 30000 растралялі. Выратаваліся адзінкі, і, як згадваў Я.Мараш, гэта адбылося таму, што мясцовае насельніцтва не аказвала ім ніякай падтрымкі.
За некалькі месяцаў ізраільскія ўрачы вылячылі тыя балячкі, з якімі сям’я Красноўскіх пакінула Беларусь. Аркадзь пачаў працаваць ў навуковай ўстанове дэпартамента сельскай гаспадаркі поўначы Ізраіля. І паколькі ён працягваў працаваць па спецыяльнасці, а да таго ж у дыпломе значылася “вучоны аграном”, што мела важкае значэнне, то Аркадзю Якаўлевічу быў залічаны працоўны стаж і ён атрымоўвае ўсе неабходныя даплаты. Сыны не засталіся разам з бацькамі - адзін жыве ў Маскве, а другі ў Швейцарыі. Так што яны толькі часам наведваюць бацькоў разам з унукамі. І паколькі з пастаянных допісаў Аркадзя я ведаю аб усіх катаклізмах ізраільскага надвор’я (мала дажджоў, высокія тэмпературы, пыльныя буры), то бярэ гонар за наш вільготны, абумоўлены блізкасцю Балтыйскага мора, беларускі клімат і тыя запасы вады, якімі мы можам карыстацца на поўную катушку, а ў блізкім часе, мажліва, пачнём рабіць бізнес, прадаючы яе ў паўднёвыя краіны.
Вядома, Ізраіль краіна прыгожых мясцін са своеасаблівай расліннасцю, старажытных гістарычных і архітэктурных помнікаў. Таму Аркадзь робіць са сваіх вандровак слайды, якія рэгулярна дасылае ўсім сваім сябрам і знаёмым. Дзеліцца вынікамі сваіх даследаванняў па атрыманню кампостаў з аліўкаў, вырошчыванню ў цяпліцах памідораў “Шэры”, фотаздымкі якіх наганяюць смак, паколькі першы ўраджай паспявае там тады, калі ў нас яшчэ сярэдзіна зімы. Аркадзь і Таццяна вырашылі наведаць сваіх сваякоў і знаёмых і прыехалі ў Беларусь 10 чэрвеня гэтага года. Адразу знайшлі мяне на працы. Яны нават не прынялі маю прапанову наведаць Аўгустоўскі канал (былі два вольныя месцы падчас экскурсіі для польскіх студэнтаў), паколькі графік паходаў па гасцях быў даволі насычаны. Перад ад’ездам назад адведалі галоўны корпус, дзе былі ўражаны яго еўрарамонтам, свайго аднакурсніка Сяргея Тарасенку, з якім мелі працяглую шчырую размову аб усіх баках жыцця і развіцця навукі ў нас і ў Ізраілі. Усе дні іх прысутнасці на Беларусі ішлі дажджы, што зусім не засмучала нашых гасцей. У сябе там яны не могуць летам адведаць такіх адносна невысокіх тэмператур і такой колькасці асадкаў.