Якраз у гэты дзень я ад’язджаў на канферэнцыю ў Каўнас і не мог прысутнічаць на спаборніцтвах, якія разгарнуліся паміж студэнтамі 1-3 курсаў розных факультэтаў універсітэта. Спаборніцтвы гэтыя адбываліся і ў гады маёй вучобы, тады яшчэ ў ГСХІ. Калі выйці на крос і прабегчыся без папярэдняй, хаця бы на працягу тыдня, падрыхтоўкі, то і дыханне “не вытрымае” і цягліцы ног будуць балець ад выпрацаванай раптоўна ў іх клетках малочнай кіслаты. Таму заўсёды да кросу мы рыхтаваліся, для чаго бегалі і зранку, і вечарам па некалькі кругоў па стадыёне ці вакол сучаснай “Дзевятоўкі”.
Я ніколі не быў заўзятым спарцменам, але да такіх трэніровак адносіўся на поўным сур’ёзе. Тым больш, што на кафедры фізкультуры працаваў выкладчыкам Жырноў (на жаль, запамятаваў яго імя), які з 1938 года быў значкістам “ГТО” (“Готов к Труду и Обороне”). Ён нам шмат расказваў, што займацца спортам вельмі карысна для здароўя чалавека. Шкада толькі, што сам ён памёр ад сардэчнага прыступу па дарозе на працу. Навыкі “не сачкаваць” ад пастаянных трэніровак дапамагалі і ў арміі. “ Мы ведаем, чаму ты лепш за ўсіх бегаеш”, - гаварылі мае саслужыўцы. “Ты шмат ясі і не курыш”. Сапраўды, я ніколі не грэбаваў кашай, што была падобна на “камбікорм”, і з’ядаў яе за дзесяцярых. А пасля яшчэ даганяўся ў афіцэрскай сталоўцы.
У гэты раз я папрасіў, каб Анастасія Халько з інфармацыйнай групы і сакратар БРСМ Павел Язубец зрабілі некалькі фотазымкаў, а Валерый Міхайлавіч Кулікоў, загадчык кафедры фізвыхавання і спорту, паабяцаў прадаставіць вынікі кроса. Адлегласць, якую прабягалі хлопцы, раўнялася 1 км, а дзяўчаты – 500 м.
У спаборніцтвах прынялі ўдзел 871 студэнт, што склала 73 % ад ліку тых, якія павінны былі выйці на стадыён. Найбольш дружнымі і актыўнымі ў гэты раз аказаліся студэнты факультэта бухгалтарскага уліку, 88 % з якіх удзельнічалі ў кросе. Сітуацыя з удзелам іншых факультэтаў выглядала так (чамусьці ў прадстаўленых матэрыялах забылі ўпісаць факультэт ветэрынарнай медыцыны):
- агранамічны факультэт – 77 %;
- факультэт аховы раслін – 75 %;
- эканамічны – 74 %;
- інжынерна тэхналагічны – 68 %;
- зоаінжынерны – 66 %;
Пасля спаборніцтва на колькасці набраных балаў, месцы паміж факультэтамі рамеркаваліся наступным чынам:
- I - аб’яднаная каманда факультэтаў бухгалтарскага ўліку і эканомікі – 579 балаў;
- II - зоаінжынерны факультэт – 549 балаў;
- III - агранамічны факультэт – 541 бал;
- IV - факультэт ветэрынарнай медыцыны – 524 балы;
- V - інжынерна-тэхналагічны факультэт – 499 балаў;
- VI - факультэт аховы раслін – 488 балаў.
Пераможцамі ў асабістым заліку сярод юнакоў сталі:
I месца
Патрэба Уладзімір Уладзіміравіч (1 група 2 курса ІТФ,вынік у мінутах - 3.00)
II месца
Грыцкевіч Андрэй Сяргеевіч (2 група 3 курса аграфака, вынік - 3.01)
III месца
Ламан Васіль Васільевіч (2 група 1 курса ІТФ, вынік -3.05)
Пераможцы сярод дзяўчат:
I месца
Чэрняк Аксана Александраўна (1 курс НІСПА ФВМ, вынік у мінутах - 1.38)
II месца
Пазднякова Марыя Паўлаўна (5 група 1 курса ІТФ, вынік - 1.40)
III месца
Бяспалава Алена Яўгенаўна (5 група 4 курса ФВМ, вынік - 1.41)