Пад такой назвай 18-19 снежня на базе Рэспубліканскага інстытутa вышэйшай школы (РІВШ) адбылася 8-я Міжнародная навукова-метадычная канферэнцыя, у якой самы актыўны ўдзел прынялі і выкладчыкі ГДАУ.
Толькі паседжанне ў Савеце Міністраў не дало магчымасці выступіць на каферэнцыі Міністру адукацыі РБ Радзькову Аляксандру Міхайлавічу. І усё ж узровень выступленняў быў вельмі высокім. На канферэнцыі выступілі старшыня пастаяннай камісіі па навуцы, адукацыі, тэхналогіях Палаты Прадстаўнікоў РБ Здановіч Уладзімір Матвеевіч, намеснік міністра працы і сацыяльнай аховы Грушнік Пётр Пятровіч, намеснік Міністра эканомікі РБ Тур Андрэй Мікалаевіч. З дакладам “Інфарматызацыя адукацыі: стан, праблемы і перспектывы развіцця ў Рэспубліцы Беларусь” выступіў дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага центра Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Лістапад Мікалай Ізмайлавіч. Гэта далёка не ўсе, хто выступіў з пленарнымі дакладамі. Шырока былі прадстаўлены на канферэнцыі і замежныя госці, сярод якіх першы сакратар па справах адукацыі Пасольства КНР Бэй Вэнлі, які пазнаёміў прысутных з тэндэнцыямі развіцця вышэйшай адукацыі ў КНР, часовы павераны ў справах Злучанага Каралеўства Велікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў РБ Найджэл Гулд-Дэвіс, які таксама расказаў аб сучасных тэндэнцыях развіцця вышэйшай адукацыі ў Велікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, а прадстаўнік інфармацыйнага бюро ДААД (Германія) Міхаэль Клеес расказаў аб двухступеневай сістэме адукацыі (бакалаўр, магістр) і перспектывах міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі.
Здаецца найбольш цікавым было ўсё ж выступленне прарэктара па навуковай працы Міжнароднага славянскага інстытута імя Г.Р.Дзяржавіна з Масквы Брацішчава Ігара Міхайлавіча “Вышэйшая школа Расіі ў кантэксце Балонскага працэсу”, які пахваліў Рэспубліку Беларусь за тое, што яна, у адрозненне ад Расіі, не паспела поўнасцю далучыцца да гэтага працэсу і толькі выйграла ад гэтага.
На секцыі “Асаблівасці ідэалагічнай працы ў кантэксце забеспячэння Канцэпцыі і Праграмы бесперапыннага выхавання дзяцей і моладзі, што навучаецца ў Рэспубліцы Беларусь” выступілі тры прадстаўнікі Гродна: Сцепаненка І.Б. з Упраўлення ідэалогіі Гродзенскага аблвыканкама, Кіслы Уладзімір Уладзіміравіч, намеснік дэкана факультэта аховы раслін ГДАУ і я. Аб сістэме ваеннай давузаўскай падрыхтоўкі ў РБ расказаў Савік С.А. з ваеннай акадэміі РБ, а з нацыянальнай ідэяй у кантэксце дзяржаўнай палітыкі нас пазнаёміў Алег Георгіевіч Слука, які дарэчы напісаў і выдаў па гэтым пытанні кнігу “Ідэалогія беларускай дзяржаўнасці (метадалогія фарміравання)”, якую ў перапынку мы і набылі ў РІВШ. Цешыць аўтограф на маім экзэмпляры, пакінуты аўтарам: “Мікалай Іванавіч! Нацыянальная ідэя пераможа і беларускі народ стане магутным і заможным”.
Мне вельмі хацелася б гэтаму верыць...