У гэты дзень атрымалі дыпломы 62 падрыхтаваныя на факультэце спецыялісты. Калісьці, у гады маёй вучобы, гэта быў самы вялікі факультэт, на які ў год набіралі 125 новых студэнтаў. Частка з іх паступала пасля заканчэння школы або тэхнікумаў, а частка тых, хто адслужыў у войску, - пасля падрыхтоўчага аддзялення. Але універсітэт рос, адчыняліся новыя факультэты і адбывалася гэта часткова за кошт зоаінжынернага. Спачатку ад яго адпачкаваўся эканамічны, затым ветэрынарны, а пасля і інжынерна-тэхналагічны факультэты. Частка студэнтаў па розных прычынах не давучылася і перавялася для працягвання вучобы на завочнае аддзяленне.
Здаецца, не было ніводнага выпуску зоаінжынераў, настолькі блізкіх для мяне, як у гэтым годзе. Не ведаю, ці ёсць сярод іх хаця б адзін, ад каго я не атрымліваў бы віншаванні ў выглядзе SMSак да Новага года, Калядаў ці Вялікадня. Шкада толькі, што памяці тэлефона было недастаткова, каб іх усе захаваць. Шмат хто з іх карыстаўся маёй прыватнай бібліятэкай. Асабліва гэта датычыла Зміцера Веліча, які перад канікуламі набіраў не менш, чым па 20 кніжак, прычым адбіраў ён іх імгненна, самыя каштоўныя, з вельмі рэдкімі аўтографамі аўтараў. Ён і зараз яшчэ недзе трымае кніжку паэта Анатоля Сыса “Агмень”, бо ведае, што яе можна абмяняць на “Пан лес”, які я маю ў двух экзэмплярах. Сярод выпускнікоў нямала прыхільнікаў рок-музыкі. Я ж і сам калісьці быў такім, таму і займаўся арганізацыяй міжнародных фестываляў “Рок-крок” у Гродна ў 1987, 1988 і 1989 годзе. А пазней у нашага Маладзёжнага Цэнтра пры гаркаме ЛКСМБ ужо чамусьці не даставала сродкаў. Нашы сябры, беларускія студэнты з Польшчы, у 1990 годзе пачалі ладзіць беларускія рок фестывалі ў Гарадку, што на Беласточчыне. Тыя фестывалі кожны год мяняюць сваю сімволіку (сімвалам першага была “з крыламі свіння”), але фестывалі маюць і пастаянную штогадовую назву “Басовішча”. З 90-га года я шмат разоў бываў там разам з нашымі гарадзенцамі, ведаю, што на “Басовішчы” бываюць і нашы студэнты. Прыезд кожнай рок-групы ці музыкальнага калектыву ў Гродна ніколі не быў для мяне сакрэтам, бо хлопцы заўсёды цікавіліся, ці пайду я на той ці іншы канцэрт. Мы з імі наведвалі і канцэрты бардаўскай музыкі, бо так склалася, што гадоў з дваццаць, як я добра знаёмы не толькі з рок-музыкантамі, але і з найлепшымі беларускімі выканаўцамі сваіх песен. Будучыя зоаінжынеры пабывалі і на сустрэчах з вядомымі беларускімі пісьменнікамі і паэтамі.
Аднаго разу я сустракаў Новы год у сваёй цёшчы ў кватэры на вуліцы Соламавай, пад раніцу да нас далучыліся Раман Трахімчык і Ігар Бялко, якія, як аказалася, пражывалі ў тым жа раёне. Колькі гадоў запар зоаінжынерны факультэт займаў першае месца, а то і Гран-пры ў Шоу першакурснікаў нашага універсітэта. Шмат сіл і часу для гэтага аддавалі Сяргей Рыбак, Віталь Маршалін. Ёсць спадзяванне, што і далей студэнты зоаінжынернага факультэта змогуць працягваць добрыя традыцыі перамог, якія якраз і пачыналіся з першакурскнікаў, набраных у 2003 годзе, паколькі хлопцам дапамагалі рыхтаваць першакурснікаў дзяўчаты з 4-га курса Лена Кудравец і Вольга Кемежук.
Мастацкая самадзейнасць была не адзіным захапленнем сённяшніх выпускнікоў, шмат хто сур’ёзна займаўся і спортам. Калісьці я перажываў, асабліва за Дзіму Крышаловіча, які займаўся рукапашным боем. У яго і так быў пераламаны нос, а тут, глядзіш, і “апошнія мазгі адстукаюць”. Але хваляваўся я дарма. Толькі зараз даведаўся, што ён праз год атрымае яшчэ і дыплом па іншай, эканамічнай спецыяльнасці. Стала ўжо традыцыяй, што значная колькасць нашых студэнтаў атрымлівае дыпломы аб другой адукацыі. Калі пытаешся ў былога студэнта аграрнага універсітэта дзе небудзь на вуліцы: “Дзе працуеш? Чуеш у адказ: “Буду перабірацца ў Гродна, а то сорамна з двума дыпломамі працаваць у раёне”. Памятаю студэнта з першай групы Сашу Кохана, якога адлічылі з другога курса, паколькі Аляксандр Данілавіч Шацкі па генетыцы не дапусціў яго да экзамена. Хадзілі хадатайнічаць мы разам, ды нічога не атрымалася. Нягледзячы на гэта, выпускнікі з задавальненнем сфатаграфаваліся з Шацкім у дзень атрымання сваіх дыпломаў. Патэлефанаваў Кохану і запытаў, як маецца. Пасля выключэння з універа працаваў у Гродна, а зараз ляжыць ужо трэці месяц у бальніцы з пераламанай нагой. Абрэзваў на сваёй Навагрудчыне сад і зляцеў з яблыні.
Урачыстасць пачалася з выступлення рэктара В.К.Песціса. Дэкан факультэта Яўген Альбертавіч Добрук у сваім выступленні адзначыў, што старшыня Дзяржаўнай камісіі па здачы дзяржэкзаменаў і абароне дыпломных прац Герой Беларусі, старшыня СВК “Прагрэс” Васіль Афанасьевіч Рэвяка высока ацаніў веды, якія паказалі нашы студэнты на гэтых высокіх іспытах. Я нават чуў, што Раману Трахімчыку на абароне дыпломнай выставілі адзнаку “10”, што не так часта здараецца. Яўген Альбертавіч прыгадаў, што жывёлагадоўля - галоўная галіна сельскай гаспадаркі і праца астатніх (раслінаводства, механізацыі) накіравана на яе забеспячэнне. Нядаўна сустракаўся са старшынёй свайго роднага калгаса “Беларусь”, што ў Ляхавіцкім раёне Бусько Віталем Іванавічам, аднагрупнікам як Яўгена Добрука, так і Васіля Рэвякі. Ён пахваліўся, што прывесы ў нашым, зараз неабсяжным калгасе, самыя высокія, але асноўны даход дае не жывёлагадоўля, а раслінаводства. Намеснік дэкана Наталля Генрыхаўна ў сваім выступленні гаварыла словы, якія ішлі з глыбіні душы. Прыпомніла, што было на практыцы рознае. І сапраўды, мне яна перад экзаменам па мікрабіялогіі патэлефанавала, каб ні ў якім разе не прымаў экзамен у аднаго студэнта. Ён прыйшоў з дазволам на здачу, падпісаным Яўгенам Альбертавічам, якому я патэлефанаваў ужо сам. “Прымай, - сказаў ён, - табе ж дэкан гаворыць, а не намеснік”. І сапраўды, той студэнт скончыў вучобу. Не ведаю, ці выбіўся ў выдатнікі, але спадзяюся, што сельская гаспадарка атрымала яшчэ аднаго спецыяліста.
Лепшых студэнтаў абвязалі стужкамі: выдатнікаў, спарцменаў, актывістаў. Уручылі дыпломы. Што было крыўдным для наглядальніка збоку, гэта тое, што нашы выпускнікі не навучыліся расцягваць такія прыемныя хвіліны ў жыцці. Я не паспяваў націскаць кнопку фотаапарата, як яны несліся з дыпломамі ўжо назад. Тое ж самае і з букетамі кветак. Яны ўручаліся неяк у палёце, імгненна. Ніводнага добрага кадра. Ад курса падаравалі дэканату карціну з нёманскім пейзажам, якая ўжо вісіць на сцяне дэканата. Пасля перапынку быў апошні студэнцкі капуснік. Акумулятары майго фотаапарата здохлі, і я спытаў намесніка дэкана Аляксандра Міхайлавіча Тараса, чаму ён не фатаграфуе. “Не магу адарвацца, так цікава,”- быў адказ. На ўручэнні дыпломаў прысутнічалі і бацькі асобных студэнтаў. Магчыма, наступныя некалькі фотаздымкаў нагадаюць асобныя моманты з жыцця выпускнога курса і іх апошняй сумеснай урачыстасці ў сценах роднага універсітэта. Уручэнне дыпломаў адбывалася на сцэне падрыхтаванай для вячэрняга конкурсу “Міс універсітэта”.
Перад пачаткам уручэння дыпломаў у зале былыя студэнты зоаінжынернага факультэта. Злева направа: Анатоль Савош, Сяргей Кароль, Павел Радзюкевіч, Дзіма Сідар, Зміцер Веліч, Сяргей Болдак, Дзяніс Внучко, Аляксей Глушань
Дзяўчаты, якія атрымалі зоаінжынерную спецыяльнасць; злева направа у першым радзе Ірына Канецкая, Кацярына Мармыш, Святлана Кавалеўская, Вольга Юрашчык, у другім - Наталля Цімчанка і Вольга Лук’яновіч, у трэцім - Таццяна Дробчык і Кацярына Чубрык і у чацвёртым Вольга Мазайла, Ірына Чэрнушэвіч, Таццяна Васілец
У першым радзе з хлопцаў сядзяць: Гена Макарчыкаў, Ігар Белко, Юрый Рудой і Святаслаў Філіпчук
Такі прыбліжаны фотаздымак шкада было не прадставіць тут: злева - Раман Новікаў, на першым плане - Раман Трахімчык і Вячаслаў Яновіч; завушніцы ў вушах адзначаюць прыналежнасць да аматараў пэўнага накірунку музыкі
Урачыстасць адкрывае рэктар ГДАУ Вітольд Казіміравіч ПесцісУ прэзідыуме Я.У.Васілюк, В.К.Песціс, Н.Г.Мініна, А.М.Тарас
А ў гэты час дэкан факультэта Я.А.Добрук атрымаў ад выпускнікоў хлеб-соль
Яўген Альбертавіч абвязвае лентай “Лепшага актывіста” Сяргея Рыбака, які ў гэты момант, здаецца, паглядае ў бок сваіх бацькоўВітольд Казіміравіч уручае дыплом Паўлу Антушэвічу; прозвішчы зачытвае намеснік дэкана ЗІФа Аляксандр Міхайлавіч Тарас
Выдатніца Таццяна Духцік вяртае сімвалічны ключ ад ведаў назад рэктару універсітэта
Дэкан ЗІФа прымае падарунак для дэканата ад выпускнікоў 31 выпуска зоаінжынераў
Для таго, каб паглядзець фотарэпартаж далей націскайце тут
{mospagebreak heading=Первая страница&title=фота}
Адзін з момантаў выпускнога капусніка; на сцэне Гена Макарчыкаў (злева) і Сяргей Рыбак (у парыку)
Вось яны, усе удзельнікі жартаўлівага выступлення на сцэне: Віктар Курыльчык, Гена Макарчыкаў, Галіна Гардзейчык, Ігар Белко, каля мікрафона Віталь МаршалінГрупа выпускнікоў каля ўваходу ў галоўны корпус універсітэта з прафесарам Аляксандрам Данілавічам Шацкім (у цэнтры)
На гэтым здымку з выпускнікамі аказаўся побач з А.Д.Шацкім і я. Злева Палуян Саша, Панасевіч Павел, Можджэр Саша, Шарко Саша
На лекцыі па мікрабіялогіі (перапынак) - восень 2004 года (здымак, як і наступныя сканаваны)
Тамсама
Першая А падгрупа падчас практычных заняткаў (на стале, як заўсёды, Нагавонскі)
Першая Б падгрупа (злева - Саша Палуян, які затрымаўся на практыцы ў Англіі больш чым трэба, быў выключаны, а зараз працягвае вучобу на чацвёртым курсе, справа - дацэнт Станіслаў Браніслававіч Пазняк)
Злева ад мяне Анатоль - Савош, справа - Сяргей Рыбак
Зоаінжынеры пасля сустрэчы з намінантам на Нобелеўскую прэмію Рыгорам Барадуліным
Сваю кніжку “КСТЫ” паэт падпісвае для Зміцера Веліча (толькі зараз даведаўся, што Зміцер на размеркаванні атрымаў вольны дыплом і перад пачаткам працы збіраецца аўтастопам павандраваць па Паўночнаму Каўказу)
Фотаздымак са спявачкай Касяй Камоцкай. Злева ад мяне - Аляксей Глушань, крайні справа – Зміцер Веліч
матэрыял падрыхтаваў
канд. біял. навук,
дацэнт кафедры мікрабіялогіі і эпізааталогіі
Мікалай Таранда
е-mail:
Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.